На ўзбярэжжы ракі Баброўкі раскінулася невялічкая вёсачка Палянінавічы. Дрэнна жылі сяляне нашай вёскі. Зямля была дрэнная, вакол былі балоты, гразь і пясок.Становішча сялян яшчэ больш пагоршылася пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе, бо пан Арцімовіч выгнаў з паселішча Слабада жыхароў у вёску Палянінавічы.
Школы не было.Толькі пасярод вёскі стаяла карчма, дзе сяляне залівалі сваё гора, нястачу, голад, пакуту.Іншы раз забіралі ад сям’і апошнія хунты і прапівалі, бо хто толькі не драў з іх скуры: і поп, і пан, і ўраднік, і кулак, і соцкі.Тады на ўсю нашу вёску быў адзін пісьменны чалавек- гэта Пішчыкаў Піліп. Ён вывучыўся ў горадзе Быхаве.
Прыкладна ў 1870 годзе ў вёсцы Палянінавічы з’явілася першая школа.Гэта школа так і называлася- школа граматы. Першым настаўнікам быў унтэр- афіцэр у адстаўцы.Прозвішча яго ніхто не ведае. Толькі ў народзе засталіся ўспаміны пра яго не вучобу, а муштру. Відаць, ён веды дабываў палкай. Вучняў было мала. Усяго дзесяць- пятнаццаць і толькі хлопчыкі.
У 1885 годзе пан Арцімовіч адпусціў некалькі пнёў лесу на будаўніцтва школы. Гэта школа была школай граматы. Яе настаўнікі былі: Скібіцкі, Аўдулін, Лабоўская.
У 1903 годзе адкрылася царкоўна- прыходская школа. У гэтай школе, каб утрымаць народ у падпарадкаванні, удзялялі вялікую ўвагу вывучэнню слова божага. Нашы продкі вывучалі гэты прадмет па прыкладна вось такому падручніку
Першай настаўніцай была Ціхамірава. Яна працавала да 1908 года і была першым адукаваным чалавекам у нашай вёсцы ( яна закончыла гімназію) , добра авалодвала тагачаснай перадавой педагогікай і методыкай. Яна прыклала шмат намаганняў, каб перавесці вучняў з малога памяшкання ў большае. І вось у 1904 годзе пан Арцімовіч як бы “ у дар” аддаў сялянам карчму пад школу.
Стан асветы значна пагоршыўся з 1914 па 1917 гады ( у час імперыялістычнай вайны). Не ўнесла змен і перамога Лютаўскай буржуазна- дэмакратычнай рэвалюцыі. У Палянінавічах засталася валасная царкоўна- прыходская школа.
З 1908 па 1925 год працаваў у нашай вёсцы настаўнік Азар Філіпавіч Аляксеенка. Сын заможнага селяніна. Сам маў хутар у сорак дзесяцін зямлі. Выступаў супраць усяго прагрэсіўнага, спецыяльнай педагагічнай адукацыі не маў. Па- гэтаму ў школе панавала муштра аж да 1918 года.
Сацыялістычная рэвалюцыя вызваліла беларускі народ ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Упершыню працоўныя Беларусі сталі гаспадарамі свайго жыцця.На аснове першых дэкрэтаў савецкай улады ў Беларусі пачалася перабудова ўсёй сістэмы народнай асветы.
Упачатку 1919 года ствараецца новы тып школы – школа-камуна.
У гэтым жа 1919 годзе ў Палянінавіцкую пачатковую школу прыбывае настаўнік Ціт Кліменцьевіч Шрубаў.
Гэты сялянскі хлопец, якому ўдалося ў той час скончыць настаўніцкую семінарыю. Са шчырай душой ён узяўся за станаўленне школы. Ужо ў 1921 годзе ён становіцца загадчыкам школы. І дзякуючы яго старанням, клопатам, умелай арганізацыі ў 1927 годзе была пабудавана новая тыповая чатырохкамплектная школа.
У гэтыя гады Камуністычная партыя і ўвесь народ галоўную ўвагу ў галіне народнай асветы накіравалі на хутчэйшую ліквідацыю цяжкай і ганебнай спадчыны мінулага- непісьменнасці і малапісьменнасці; ажыццяўленне карэннай рэформы агульнаадукацыйнай школы, перападрыхтоўку настаўнікаў.
Ціту Кліменцьевічу ў гэты час прыйшлося шмат і шмат працаваць. Ён не толькі вучыў дзяцей, але і дарослых. Трэба было весці культурна- асветніцкую работу сярод насельніцтва. У гэтай рабоце яму дапамагалі першыя камсамольцы вёскі; Шаблоўскі Міна, Андрэйчыкаў Ігнат, Акуленка Кузьма і іншыя.
У 1932 годзе адчыняецца у Палянінавічах ШКМ. Дырэктарам ШКМ назначаецца Шрубаў Ціт Кліменцьевіч.
Ужо з 1935 года Палянінавіцкая школа ўкамплектоўваецца добрымі настаўнікамі , якія закончылі педагагічныя тэхнікумы і гадзічныя курсы па падрыхтоўцы выкладчыкаў у няпоўную сярэднюю школу. Гэта –Чабурахін Іван Васільевіч,Акуленка Сяргей Мікалаевіч, Шаблоўская Ганна Навумаўна.
Першы настаўнік з вышэйшай адукацыяй нашай школы – Іван Васільевіч Чабурахін. Ён скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, літаратурны факультэт (завочна).
З 1936 года ён працуе завучам.У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён захварэў і памёр.
У час вайны школа амаль не працавала.Праўда, найміт немцаў Астроўскі спрабаваў арганізаваць вучобу ў школе ў карысць немцаў, але нічога не атрымалася, бо не было настаўнікаў, а якія і былі, то не хацелі працаваць на немцаў.
Як вядома, нямецка- фашысцкія захопнікі нанеслі вялікія страты народнай асвеце нашай рэспублікі. У гэты час наша школа была зусім непрыгодная для работы, бо не было падлогі, столі і крышы. Усё гэта было расцягнута, спалена немцамі і паліцыямі, не мінула яе і бамбёжка. Дзяржава дала сродкі на рамонт школы. Першымі ініцыятарамі ў адбудове школы былі: Ц. К. Шрубаў і П. Л. Андрэйчыкаў.
У 1947 годзе назначаецца дырэктарам школы - Васіль Іванавіч Кухараў. Ён шмат прыклаў сілы і стараннасці ў сваёй рабоце. Ужо к навучальнаму году у 1948 годзе школа была адрамантавана.
У 1949 годзе ў Палянінавічах адкрываецца сярэдняя школа, якая укамплектоўваецца настаўнікамі з вышэйшай адукацыяй і незакончанай вышэйшай.
У 1950 годзе дырэктарам прызначаецца Шныпаркоў Пётр Карнеявіч, потым Чабурахін Іван Раманавіч, а завуч школы- Лукашкоў. У 1953 годзе дырэктарам Палянінавіцкай школы прызначаецца Прынц Цярэнцій Данілавіч. Гэты перыяд у жыцці нашай школы характэрны тым, што колькасць вучняў дасягае да чатырохсот чалавек; кадры растуць.
Да 1956 года ў калектыў настаўнікаў уліваецца моладзь, камсамольцы, якія заканчваюць вышэйшыя педагагічныя ўстановы. Сярод іх былі былыя вучні Палянінавіцкай сярэдняй школы: Лісаў А.П, Беляеў Ф.А, Пішчыкава Р.А, Анціпенка В.П, Гапееў Я.Р, Гузава Н.І, Цішкова В.П.
Паляпшэнне якаснага складу педагагічных кадраў станоўча адбілася на паспяховасці вучняў. Колькасць навучэнцаў у школе павышаецца. Было ў школе па некалькі паралельных класаў, асабліва ў 8-10 класах. У нашай школе вучыліся не толькі дзеці вёскі Палянінавічы, але і дзеці з навакольных вёсак: Ніканавіч, Сяльца, Іскані, Зімніцы, Бахані , Кулікоўкі.
У 1958 годзе дырэктарам школы прызначаецца Гапееў Яўген Рыгоравіч, а завучам Прахарэнка А.А.. К гэтаму часу колькасць вучняў нашай школы скарачаецца, бо адкрыліся сярэднія школы ў навакольных вёсках: Ніканавічах, Абідавічах, Зімніцы. Працуе і вячэрняя школа.
З 1964 па 1967 гады дырэктарам школы працаваў Лісаў
Анатоль Пятровіч, а завучам - Гузава Надзея Ігнатаўна, былыя вучні нашай школы.
З 1967 па 1971 год дырэктар школы - Казлоў Леанід Васільевіч, а з 1971 па 1972 - Кошман Іван Цімафеевіч.
З 1972г. дырэктарам школы працуе Анціпенка Валянціна Пятроўна.
З 1974 па 1981 год школу ўзначальваў Галкоў Аляксандр Цітавіч, які ўнёс вельмі вялікі ўклад у будаўніцтва новай школы.У гэтым жа годзе навучэнцы і настаўнікі перайшлі ў новы тыпавы будынак, разлічаны на 320 навучэнцаў.
Школа размешчана паміж рэчкай Етвіца і Баброўка. Школа абслугоўвае 11 вёсак: Палянінавічы, Анэліна, Кругліца, Доркі, Забалотнае, Грамада, Погаркі, Пралетарый, Палкі, Ліпавіца, Заброддзе.
З 1981 па 1998 год школу ўзначальвалі Казлоў Віктар Герасімавіч, Анціпенка Валянціна Пятроўна, Вашчанка Юля Васільеўна.
З 1998 года дырэктарам Палянінавіцкай сярэдняй школы працуе Краўцова Ала Уладзіміраўна.
Базавай гаспадаркай школы з’яўляецца ОАО “Абідавічы” (раней калгас “Расія” ).
З 1998 па 2012 год пяць навучэнцаў скончылі школу з залатым медалём, два – з сярэбраным.
29 вучняў сталі прызёрамі раённых алімпіяд.
У 2009 годзе вучань 9-га класа Лявіцкі Антон стаў прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі (Дыплом 2 ступені) і быў адзначаны прызам, які ўручыў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Радзькоў А.М.
У 2002 годзе Палянінавіцкая сярэдняя школа была рэарганізавана. Ёй была прысвоена назва - “Палянінавіцкі вучэбна- педагагічны комплекс дзіцячы сад- сярэдняя школа”.
У 2007 годзе быў адкрыты этнаграфічны музей вёскі Палянінавічы.
У сувязі з будаўніцтвам аграгарадка ў вёсцы Палянінавічы ў школе быў выкананы рамонт : устаноўлены вокны, заменены ўваходныя групы школы, дзіцячага сада, сталовай, заменена цепласетка,зроблены капітальны рамонт даху і інш. Устаноўлены новы камп’ютарны клас (11 камп’ютараў).
У 2022 годзе “Палянінавіцкі вучэбна- педагагічны комплекс дзіцячы сад- сярэдняя школа”. пераіменавана ў ДУА "Палянінавіцкая сярэдняя школа"
Зараз ў школе працуе 16 настаўнікаў. З іх з вышэйшай
адукацыяй - 11, з сярэдняй спецыяльнай - 5.
60% настаўнікаў- выпускнікі Палянінавіцкай сярэдняй школы.
Калектыў школы ідзе па шляху самафінансавання, ён склаўся з прыбыткаў ад рэалізацыі с/ гаспадарчай прадукцыі. Нават пэўная колькасць абсталявання куплена за грошы ад продажу яблык з даглядаемага саду.
Навучэнцы школы прымаюць актыўны удзел у раённых мерапрыемствах.